Интервью с директором ОАО "Кореличская сельхозтехника"

Быць кіраўніком адной з вядучых арганізацый раёна – вялікая адказнасць. Гэта пастаянныя рызыкі і пераадоленне раз-пораз узнікаючых цяжкасцяў. Ці магчыма справіцца, калі табе крыху за 30? Дэманструючы ўпартасць, дырэктар ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка” Аляксандр Барыла сваім прыкладам бурыць усе стэрэатыпы.

Яшчэ два гады таму справы ў ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка” ішлі не лепшым чынам, а сёння яно працуе стабільна і з прыбыткам. Тэмп вытворчасці складае 107,4% да ўзроўню мінулага года. Сярэдняя заработная плата – 1150 рублёў. Асноўны прыбытак арганізацыі – 73% – прыносіць перавозка малака. Штодня на Навагрудскі масларобны камбінат з раёна адпраўляецца ў сярэднім 230 т малака. У пераліку грузаў, якія перавозяцца, таксама цукровыя буракі і дэфекат. Аказваюцца паслугі сельгасарганізацыям раёна па вывазцы на палі арганічных угнаенняў. Яшчэ адна крыніца даходу – рамонтна-мантажны ўчастак, дзе праводзіцца рамонт прычапной сельгастэхнікі, кормараздатчыкаў і плугоў не толькі для АПК Карэліцкага раёна, але і суседняга Навагрудскага. Дарэчы, трэцюю частку прыбытку арганізацыя атрымлівае менавіта ад гэтага віду паслуг. Немалаважнае значэнне мае здача плошчаў у арэнду.

Аляксандр Барыла узначаліў сельгастэхніку ў лістападзе 2021 года. Нарадзіўся і вырас у г.п. Карэлічы. У 2014 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “інжынер”. Прычым выбар прафесіі быў усвядомленым: перад вачыма быў прыклад бацькі, які многія гады свайго жыцця адпрацаваў вадзіцелем і быў звязаны з тэхнікай. Што называецца, прыклад, годны для пераймання. Сваю працоўную дзейнасць Аляксандр Мікалаевіч пачынаў галоўным інжынерам СВК “Місевічы” Воранаўскага раёна. Затым некалькі гадоў працаваў па спецыяльнасці, потым вядучым інжынерам і начальнікам рамонтна-механічнага цэха ААТ “Навагрудскі завод газавай апаратуры”. Зараз дырэктару арганізацыі 32 гады, а на цяперашняй пасадзе ён працуе ўсяго два гады. Чарговая пераадоленая прыступка ў кар’ернай лесвіцы – гэта дакладная прыкмета таго, што шлях абраны правільны і метады працы апраўдалі сябе. Ён ўпэўнены: працаваць трэба старанна, незалежна ад таго, наколькі прадпрыемства паспяховае.

– Вы сталі кіраўніком адной з вядучых арганізацый раёна. Першапачаткова імкнуліся да гэтага?

– Ніколі на першым месцы не стаяла жаданне зрабіць кар’еру, я не імкнуўся стаць дырэктарам, але аднойчы атрымаўшы спецыяльнасць інжынера, працуючы па спецыяльнасці ў розных арганізацыях, набыў пэўны вопыт. Заўсёды стараюся атрымліваць задавальненне ад таго, што раблю. І калі мне паступіла прапанова стаць кіраўніком Карэліцкай сельгастэхнікі ў родным пасёлку, я вырашыў паспрабаваць свае сілы.

– У нас ва ўсіх ёсць настаўнікі. Хто вёў Вас па жыцці?

– Першымі настаўнікамі, безумоўна, былі бацькі Мікалай Аляксандравіч і Алена Леанідаўна, якія перш-наперш навучылі чалавечнасці. Станаўленнем у прафесіі інжынера абавязаны намесніку старшыні СВК “Місевічы” Воранаўскага раёна Эдварду Ферыновічу. Гэта быў не выпадковы чалавек у сельскай гаспадарцы, з якім давялося працаваць не адзін год. Далейшую шліфоўку праходзіў у намесніка дырэктара па эканоміцы Навагрудскага завода газавай апаратуры Сяргея Мацко. Такім чынам, мне шанцуе на людзей, якіх смела можна называць настаўнікамі.

— Хто яны, Вашы блізкія, якіх трэба любіць, як самога сябе?

— Мая сужэнка Таццяна таксама з г.п. Карэлічы, і ведаем мы адзін аднаго з дзяцінства. У 2017 годзе мы ажаніліся. Нехта мудры сказаў, што бацькі патрэбны дзецям, каб было каго любіць, а дзеці бацькам – каб было кім ганарыцца. Вось і мы выхоўваем сына Назара, яму чатыры гады і ён ужо цікавіцца тэхнікай.

– Зараз Вы кіраўнік арганізацыі. З якімі цяжкасцямі Вам давялося сутыкнуцца?

– Дзейнасць дырэктара заключаецца ў арганізацыі работы ўсяго калектыву, зладжанай каардынацыі ўсёй каманды. Як і ў кожнага пачынаючага кіраўніка, цяжкасцей хапала. Адразу неабходна было заваяваць давер і павагу калектыву. Асноўная праблема, з якой сутыкнуўся, – кадравая. Работнікаў не хапае, працуючыя – гэта часцей людзі пенсійнага ўзросту, а маладых утрымаць складана. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна, работнікам арганізацыі за дапамогу і падтрымку ў той няпросты для мяне час.

– У кожнага чалавека, тым больш кіраўніка, у жыцці ёсць чым ганарыцца. Што са зробленага больш за ўсё радуе Вас?

– Неяк над гэтым не задумваўся. Хоць некаторыя моманты радуюць: наша арганізацыя ўваходзіць у тройку лепшых у Гродзенскай вобласці, стараемся абнаўляць машынна-трактарны парк і абсталяванне, ды і наогул, удалося захаваць тое, што было зроблена. І гэта, думаю, самае галоўнае, для гэтага і працуем.

– Што галоўнае для Вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?

– Праца і сям’я для мяне аднолькава важныя. Мужчына павінен забяспечваць сям’ю, а значыць, працаваць як след і прыносіць грошы. Кар’ера — гэта ўжо як складзецца. Без яе жыць можна.

– У Вас ёсць захапленні?

– Люблю розныя віды спорту, падарожнічаць, але каб захапляцца сур’ёзна — на гэта проста не хапае часу. А наогул люблю людзей, люблю зносіны: пагаварыць, паслухаць, нешта патрэбнае прыкмеціць. Вучыцца, лічу, трэба ўсё жыццё. Не ведаць — не сорамна, ганебна – не хацець гэтага рабіць.

Галоўны інжынер Віталій Зайко адзначае, што за час працы Аляксандр Мікалаевіч зарэкамендаваў сябе як граматны спецыяліст, які здольны вырашаць пытанні як арганізацыйнага характару, так і вытворчага.

– Дырэктар валодае і добрымі ведамі, і практычнымі навыкамі, яму ўласцівыя добрасумленнасць, прынцыповасць, ён умее ўсё правільна пралічыць і арганізаваць, – адзначыў супрацоўнік.

Токар Алег Барыла сказаў:

– Аляксандр Мікалаевіч умее давяраць супрацоўнікам, граматна ставіць задачы і рэалістычна ацэньвае тэрміны выканання таго ці іншага задання. Ён уважлівы да людзей, разумее важнасць каманднай працы, і за гэта яго паважаюць у калектыве.

Як пераканаліся, маладыя кіраўнікі далёка не горшы варыянт. Гэта адказныя, актыўныя кіраўнікі, здольныя хутка прыняць правільнае рашэнне. З моладдзю працаваць лёгка, трэба толькі крыху цярпення і разумення.

 

Источник: polymia.by